Па справе аб гібелі ў Барысаве 6 чалавек праходзяць супрацоўнікі "Барысаўгазу"
Па справе аб гібелі ў студзені 2016 года ў Барысаве ад атручвання чадным газам 6 чалавек праходзяць двое супрацоўнікаў "Барысаўгазу". Пра гэта ў праграме "Трэба разабрацца" на тэлеканале АНТ распавёў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
Наскевіч: "Расследаванне крымінальнай справы скончанае і накіроўваецца ў суд. Дзеянні двух супрацоўнікаў "Барысаўгазу" кваліфікаваныя па артыкуле 144-м Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь "Прычыненне смерці па неасцярожнасці двум і больш асобам".
Паводле слоў Наскевіча, падчас расследавання высветлілася, што ў Беларусі адсутнічае адзіны дзяржаўны орган, які забяспечвае газавую бяспеку для грамадзян. Таму Следчы камітэт падрыхтаваў ліст ва ўрад, і камісіі па ЧАЭС пры Саўміне ўжо даручана распрацаваць нарматыўныя дакументы па стварэнні дзяржаўнага газавага нагляду ў Беларусі. Наскевіч спадзяецца, што ў наступным годзе ён можа пачаць дзейнічаць.
27 студзеня сёлета ў адным з шматпавярховікаў у Барысаве знайшлі целы 6 чалавек. Загінулі сям'я з дзецьмі 10 і 17 гадоў, а таксама пажылая пара.