Па памілаванні на волю выйшла палітзняволеная настаўніца з Баранавічаў

На волю выйшла палітзняволеная настаўніца з Баранавічаў, ілюстрацыйнае фота / t.me/racyja/
Па памілаванні на волю выйшла палітзняволеная пенсіянерка Алена Стахейка. Пра гэта ў Фэйсбуку напісала кіраўніца ініцыятывы "Палітвязынка" Яўгенія Доўгая.
Паведамляецца, што раней Алена Стахейка працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школе №14 У Баранавічах. Яе вучні неаднаразова займалі прызавыя месцы на алімпіядах і набіралі 100 балаў на ЦТ.
Настаўніцу асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту, якія прайшлі ў жніўні 2020 года. Паводле версіі абвінавачвання, жанчына разам з групай людзей тады "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый".
Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК) і ў краісавіку 2024-га прысудзілі да года калоніі.
Апошні ўказ пра памілаванне палітвязняў быў падпісаны 18 студзеня. Згодна з ім на волю выйшлі 23 чалавекі — тры жанчыны і дваццаць мужчын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.