Нямецкі амбасадар заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязняў

Сяргей Алейнік і Манфрэд Хутэрэр / mfa.gov.by
Нямецкі амбасадар Манфрэд Хутэрэр на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам 28 студзеня загаварыў пра палітычных зняволеных. Ён выказаў заклапочанасць сітуацыяй і запатрабаваў іх вызвалення, гаворыцца ў паведамленні нямецкага дыппрадстаўніцтва.
Хутэрэр таксама казаў пра неабходнасць спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў, а таксама выказаўся на карысць паўнавартаснага і сапраўднага дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю.
Дыпламат таксама прасіў аб паскарэнні акрэдытацыі прадстаўнікоў нямецкіх СМІ.
"Нягледзячы на разыходжанне пазіцый, размова прайшоў у канструктыўнай форме", гаворыцца ў паведамленні пасольства.
Аб стане і перспектывах двухбаковых адносін таксама гаварылі. Але, па версіі беларускага МЗС, гаварылі толькі пра гэта.
"Бакі абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях беларуска-германскага супрацоўніцтва і абмеркавалі перспектывы яго развіцця", — гэта ўсё, што паведамляе сайт беларускага знешнепалітычнага ведамства аб змесце сустрэчы з нямецкім амбасадарам.
Напярэдадні кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей казаў, што шэраг паслоў дазваляюць сабе публікаваць пасты і інфармацыю "антыдзяржаўнай накіраванасці". А Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітычная амністыя ў Беларусі магчымая, толькі калі яму "хто-небудзь пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе". Кіраўнік дзяржавы напярэдадні абмяркоўваў узмацненне заканадаўства ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне. Па выніках нарады стала вядома, што новыя нормы плануецца ўзаконіць на працягу першага квартала 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.