Новыя санкцыі ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі могуць набыць моц напрыканцы месяца
Новы пакет санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі хутчэй за ўсё набудзе моц напрыканцы лістапада. Пра гэта заявіла міністр замежных спраў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс.
"Цяпер пастаўленая мэта ўвесці санкцыі да канца месяца", — перадае ERR яе словы. Яна дадала, што гэтыя санкцыі будуць узгодненыя з іншымі краінамі-аднадумцамі — напрыклад, ЗША, якія ўвядуць свае санкцыі на пачатку снежня.
15 лістапада міністры замежных спраў краін Еўрасаюза дасягнулі палітычнай згоды пра пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэты пакет санкцый — адказ ЕС на міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю. Было ўзгодненае і змесціва пакета. Цяпер, па словах Ліймэтс, юрыдычныя службы ЕС працуюць над юрыдычным афармленнем.
Эстонская міністр падкрэсліла, што спіс асобаў, якія ўвойдуць у пяты пакет санкцыяў, узгоднены, але не стала канкрэтызаваць яго: "На гэты момант узгодненыя як фізічныя, так і юрыдычныя асобы, у тым ліку шэраг кампаній. Аднак дакладна сказаць, хто ўвайшоў у гэты спіс, на жаль, немагчыма да таго часу, пакуль спіс не будзе канчаткова дапрацаваны і апублікаваны".
На думку Ліймэтс, у "чорны спіс" абавязкова павінныя трапіць установы і кампаніі, якія ўдзельнічалі ў дастаўцы нелегальных мігрантаў на межы Еўрасаюза.