Новы небяспечны штам COVID-19 дабраўся да ЕС — ён знойдзены ў Бельгіі
Гэтая разнавіднасць віруса мае 32 мутацыі / Ілюстрацыйнае фота Unsplash
Першы выпадак заражэння новым штамам каранавіруса — варыянтам B.1.1.529 у Еўрасаюзе зафіксаваны ў Бельгіі, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на франкамоўныя СМІ.
Новы штам COVID выяўлены ў чалавека, які вярнуўся ў Бельгію з-за мяжы, ён захварэў 22 лістапада.
Раней першы выпадак заражэння новым штамам каранавіруса выявілі ў Ізраілі.
Варыянт B.1.1.529 знойдзены ў Паўднёвай Афрыцы, Батсване, Ізраілі і ў турыста, які прыбыў у Ганконг з Паўднёвай Афрыкі. Гэтая разнавіднасць віруса мае 32 мутацыі, што ўяўляе сур'ёзную праблему.
Як паведамляла Еўрарадыё, Сусветная арганізацыя аховы здароўя збірае ў пятніцу надзвычайнае пасяджэнне па тэме новага штаму каранавіруса. Ці абароняць ад гэтага штаму прышчэпкі, пакуль незразумела. СААЗ плануе даць адказ на гэтае пытанне на працягу некалькіх тыдняў.