Новую забарону ў гандлі прапануе ўвесці МАРГ

Рынак, ілюстрацыйнае фота / wikimedia.org
Увесці яшчэ адну забарону для беларускіх экспарцёраў прапануюць у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Экспарцёрам хочуць забараніць прадаваць тавары за мяжу па цане ніжэйшай, чым на ўнутраным рынку. Пра гэта заявіў кіраўнік МАРГ Артур Карповіч.
У выключных выпадках МАРГ можа даць права аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму дазволіць такія цэны.
"Вытворца часцяком у пагоні за выкананнем паказчыка па экспарце забывае пра ўнутраны рынак, разумеючы, што гэта нікуды ад яго не дзенецца. Ёсць факты, калі на ўнутраны рынак вытворцы пастаўляюць прадукцыю значна даражэй, чым прадаюць яе на экспарт. Нашы людзі не павінны перакрываць рэнтабельнасць, якую недаатрымлівае прадпрыемства на тэрыторыі замежных дзяржаў", — патлумачыў міністр.
Акрамя таго Карповіч назваў "сырымі" меры па павышэнні долі беларускіх тавараў у гандлі, распрацаваныя яго ведамствам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.