Новая лічбавая рэформа ў Польшчы не закране беларусаў

У Польшчы змяняюцца правілы электроннай ідэнтыфікацыі. Але беларусам не варта хвалявацца

У Польшчы змяняюцца правілы электроннай ідэнтыфікацыі. Але беларусам не варта хвалявацца / pixabay.com

12 студзеня 2026 года Польшча зменіць сістэму электроннай ідэнтыфікацыі, узмацніўшы ролю дзяржаўнай платформы mObywatel. Верыфікацыя праз асабісты профіль (e-dowód) павінна стаць абавязковай для ўладальнікаў лічбавага подпісу, што стварае праблему для замежнікаў, у якіх e-dowód адсутнічае.

Журналіст Еўрарадыё атрымаў адказ ад Дэпартамента электроннай ідэнтыфікацыі, у якім гаворыцца, што “ўсе існуючыя альтэрнатыўныя метады выкарыстання даверанага профілю (так званыя механізмы аўтэнтыфікацыі) будуць працягваць функцыянаваць”.

У прыватнасці, застанецца магчымасць выкарыстання:

  • метаду лагін + пароль + аднаразовы код, дасланы SMS-паведамленнем;

  • метаду лагін + пароль + кваліфікаваны сертыфікат, які змяшчае нумар PESEL;

  • пасярэдніцтва інтэрнэт-банкінгу;

  • выкарыстання праграмы mObywatel.

У адказе гаворыцца, што праект пастановы Міністра лічбавізацыі прадугледжвае толькі адну змену — будзе дададзены новы метад верыфікацыі з выкарыстаннем пасведчання асобы (асабістага профілю, пацверджанага сертыфікатам для ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі, які змяшчаецца ў пасведчанні асобы).

“Гэты метад не можа быць выключаны і будзе абавязкова даступны кожнаму карыстальніку. Астатнія механізмы застаюцца без змен і захоўваюць сваю функцыянальнасць. Таму няма падстаў баяцца, што яны будуць выключаныя”, — гаворыцца ў дакуменце, атрыманым журналістам Еўрарадыё.

Гісторыя пытання

Як раней паведамляў MOST, у Польшчы для рэгістрацыі ў розных дзяржаўных сэрвісах (асабістым кабінеце для падачы падатковай дэкларацыі або акаўнце на сайце сацстрахавання — ZUS) звычайна прапануецца некалькі варыянтаў аўтарызацыі. Гэта давераны профіль (Profil zaufany), інтэрнэт-банкінг, дзяржаўная платформа mObywatel і іншыя.

Новы праект пастановы павышае ролю менавіта mObywatel. Але цяпер стала зразумела, што для беларусаў застануцца даступнымі і раней існуючыя спосабы аўтарызацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.