“Невычэрпная крыніца школьных дыктантаў ад другога да адзінаццатага класаў”
Трыумфатарам прэстыжнай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу "Час збіраць косці" стаў Віктар Казько.
74-гадовы пісьменнік атрымаў 10 тысяч еўра, якія, праўда, пакуль не ведае, на што патраціць:
"Прывычкі, мець кішэнныя грошы з часоў дзіцячага дому не было. У мяне ёсць сын... На рамонт, можа".
Матэрыял для кнігі "Час збіраць косці" быў напісаны 20 гадоў таму. Саму кнігу складаюць тры аповесці: "І нікога, хто ўбачыць свой страх", "Час збіраць косці" і "Прахожы".
Аповесць "І нікога, хто ўбачыць свой страх" прысвечаная памяці рэжысёра Віктара Турава. На дварэ 90-я. Нехта Майстра памірае ў дзень свайго 60-годдзя. Дагэтуль ён, смяротна хворы, вядзе дыялог з сабой і светам ды ўзгадвае сваё жыццё і падзеі рознай даўніны.

Твор "Час збіраць косці" уяўляе сабой дэтэктыўную гісторыю: герой кнігі, перазімаваўшы ў горадзе ў доме сына, вяртаецца ў вёску. Ён разумее, што хату абакралі, і пачынае прыкідваць, што знёс зламыснік, і хто гэта можа быць. Пра мінулае героя і яго вёскі чытач даведваецца праз артэфакты, якім аўтар надае асаблівую ўвагу.
Герой "Прахожага" — чалавек таго ж, веку што і яго "суседзі" з папярэдніх аповесцяў, жыхар усходняга Палесся. Апроч развалу СССР ён перажывае і чарнобыльскую трагедыю. Пісьменнік уздымае праблему перасяленцаў, якія вымушаныя адрывацца ад Радзімы і расчаравацца ва ўладзе, якая не змагла абараніць людзей ад бяды.
Літаратурную прэмію Гедройца атрымаў Віктар Казько
У рэцэнзіі на кнігу, якая, дарэчы, не ўсім прыйшлася даспадобы, паэтка і літаратурны крытык Марыя Мартысевіч параўноўвае працу Казько з шахматнай партыяй. Маўляў, першую партыю празаік прайграў, другую выйграў, у трэцяй — пагадзіўся на нічыю: ці цягне ён у такім выпадку на гросмайстара? Але побач з дэтальным разборам і крытыкай Мартысевіч адзначае:
"Казько — непераўзыдзены стыліст, і яго проза — невычэрпная крыніца школьных дыктантаў рознай даўжыні і складанасці і яскравых урыўкаў для хрэстаматый ад другога да адзінаццатага класаў. Іншая справа, што гэта ў дошку сінтагматычнае пісьмо. Ніякай пераканаўчай парадыгмы гэты тэкст не складае. Кожную наступную старонку можна чытаць, толькі калі адпусціш папярэднюю. Гэта літаратура для чытачоў, якія не надта пераймаюцца тым, што хацеў сказаць аўтар, якім важны сам працэс і — куды ж без яе — жывая, сакавітая беларуская мова".
Дарэчы, творы Віктара Казько вывучаюцца ў школе. Васьмікласнікам для пазакласнага чытання прапануецца аповесць "Суд у слабадзе". Дзесяцікласнікам да яе дадаецца раман "Хроніка дзетдомаўскага саду". А 11-класнікі ў межах праграмы чытаюць раман "Неруш" ці "Суд у слабадзе" — гэта як вырашыць настаўнік.

А вось у сталічных кнігарнях, як апынулася, кнігі Віктара Казько — рэдкасць. У "Падпісных выданнях" на праспекце Незалежнасці кніг не знайшлося. У цэнтральнай Кнігарні нам пашчасціла натрапіць на раман "Бунт незапатрабаванага праху", які каштуе, між іншым, 110 тысяч рублёў. То бок, за свой ганарар Віктар Казько, калі захоча, можа набыць паўтары тысячы сваіх кніг! Але пісьменнік не любіць чытаць свае кнігі, як і пісаць кнігі, і сам у гэтым адкрыта прызнаецца. І ўвогуле, калі з ім размаўляеш, сапраўды трапляеш у свет школьных дыктантаў: свае думкі Віктар Казько выказвае праз складаназлучаныя сказы, якія наслойваюцца адзін на адзін, як слаі пірага.
Фота: svaboda.org, nn.by