Непаўналетні актывіст атрымаў папярэджанне за кветкі Каліноўскаму
Хлопца прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Непаўналетні Антон Мех атрымаў папярэджанне за ўскладанне кветак да помнікаў паўстанцам Каліноўскага.
Ён вучыцца ў Польшчы, таму на паседжанні адміністратыўнай камісіі па справах непаўналетніх прысутнічаў па даверанасці яго бацька, грамадскі актывіст Аляксандр Мех. Намеснік старшыні камісіі Аляксандр Кананчук прыгразіў, што ў выпадку ўхілення Антона Меха ад адміністратыўнага працэсу, будзе дадзены загад, каб яго затрымалі на мяжы пасля вяртання з вакацыяў і калядных святаў, піша сайт “Вясна”.
На паседжанні камісіі прыязджалі сведкі-міліцыянты Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня са Свіслачы. Былі прагледжаныя відэаматэрыялы, якія каментавалі свіслацкія праваахоўнікі, даказваючы, што ў Свіслачы адбылося несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Паводле Аляксандра Меха, ён патлумачыў, што ў Свіслачы ўдзельнікі ўшанавання не мелі на мэце правесці масавы сход, людзі пераходзілі ад аднаго помніка да іншага па тратуары.
У выніку разгляду справы Антон Мех быў прызнаныя вінаватым у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння — удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і атрымаў папярэджанне.
Сам Аляксандр Мех быў пакараны за ўдзел ва ўшанаванні герояў-паўстанцаў судом Кобрынскага раёну штрафам у 10 базавых велічыняў.