Неафашыста з Жодзіна падазраюць у сэксе з непаўналетняй і збіцці падлетка
23-гадовага жыхара Жодзіна затрымалі супрацоўнікі 10-га ўпраўлення (па Мінскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі. Яго падазраюць у шэрагу злачынстваў супраць асобы.
Паводле інфармацыі УУС Мінаблвыканкама, злачынствы адбыліся ў Жодзіне ўвесну 2015 года. У адным з жодзінскіх інтэрнатаў хлопец нападпітку меў сэкс з непаўналетняй. Таксама ён беспадстаўна збіў непаўналетняга падлетка каля гарадской лякарні.
Жодзінскі аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальныя справы. Пад пагрозай крымінальнага пераследу юнак спярша з'ехаў з Жодзіна, а потым і ўвогуле пакінуў краіну. Паводле аператыўнай інфармацыі, больш за год хлопец хаваўся ў Расіі. Цяпер яго ўзялі пад варту.
Паведамляецца, што хлопец сістэматычна выказваў прыхільнасць і прапагандаваў ідэі неафашызму, на яго целе ёсць адпаведныя тату і сімвалы. Раней малады чалавек прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, абразы і дробнае хуліганства.
Дарэчы, праваахоўнікі звяртаюць увагу на тое, што пры першапачатковым разборы па ўчыненых злачынствах жодзінце запалохваў і шантажаваў сведкаў і пацярпелых, каб атрымаць сведчанні на сваю карысць.
Таксама паведамляецца, што апошнім часам хлопец прыняў захады для змены знешнасці.
Міліцыянты мяркуюць, што затрыманы мае дачыненне да іншых злачынстваў супраць асобы, у тым ліку сэксуальнага характару.