Навучэнец барысаўскага каледжа друкаваў грошы на прынтары

У Барысаве зафіксаваныя некалькі фактаў збыту падробленых пяцідзесяцірублёвых купюраў. Па падазрэнні ў фальшываманецтве міліцыя затрымала 16-гадовага навучэнца аднаго з каледжаў, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
Пра збыт фальшывых грошай міліцыянты даведаліся 13 снежня. Каля 19:30 у гарадскім аўтобусе №19 малады чалавек разлічыўся з кандуктарам купюрай у 50 рублёў. Крыху пазней кандуктар засумняваўся ў сапраўднасці купюры. Фальшывасць банкноты пацвердзіў і кіроўца аўтобуса, пасля чаго яны звярнуліся ў міліцыю.
Літаральна праз паўгадзіны ў міліцыю паступіла яшчэ адно такая заява. Кіроўца маршруткі папрасіў у абменным пункце праверыць сапраўднасць пяцідзесяцірублёвай купюры. Яна апынулася падробленай. Высветлілася, што гэтымі грашыма з кіроўцам каля 18:30 разлічыўся за праезд малады чалавек.
Потым праваахоўнікі давелдаліся пра яшчэ два факты выкарыстання фальшывак. Увечары 1 снежня юнак разлічыўся з кіроўцам маршруткі фальшымі пяцюдзесяцю рублямі. А 29 лістапада кіроўца маршруткі западозрыў нядобрае і не ўзяў у хлопца падробленыя грошы.
Ужо 17 снежня міліцыянты высветлілі, што дзейнічаў 16-гадовы навучэнец аднаго з барысаўскіх каледжаў. У яго дома прайшоў ператрус. Пачас яго выяілі не толькі камп'ютарную і капіявальную тэхніку. Праваахоўнікі знайшлі таксама аддрукаваныя нарыхтоўкі з выявай грашовых купюр. Акрамя 50 беларускіх рублёў там былі нарыхтоўкі купюр па 50 і 100 долараў ЗША, а таксама аркушы з выявамі купюры ў 20 беларускіх рублёў. Паводле папярэдніх звестак, для вырабу фальшывак хлопец выкарыстоўваў прынтар, камп'ютар і сканер.
Прыкметы падробкі на купюрах можна было заўважыць няўзброеным вокам. Таму зламыснік імкнуўся збываць іх у грамадскім транспарце ў "час пік". Таксама ён звяртаў ўвагу на слабую асветленасць салона.
Хлопца затрымалі. На яго пачалі крымінальную справу за выраб і збыт падробленых грошай. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.