NATO пацвярджае пашкоджанне 40 расійскіх самалётаў падчас аперацыі "Павуцінне"

Спадарожнікавыя здымкі расійскай базы, якую атакавалі ўкраінскія дроны / t.me/avivector
Не менш за 40 расійскіх паветраных суднаў былі пашкоджаныя падчас аперацыі "Павуцінне". Ад 10 да 13 з іх знішчаныя цалкам. Такую статыстыку агучыў высокапастаўлены супрацоўнік NATO на брыфінгу ў Бруселі, перадае карэспандэнт Еўрарадыё.
Ён падкрэсліў, што гэтыя лічбы атрыманыя незалежна ад Службы бяспекі Украіны. Раней там заявілі, што падчас аперацыі быў пашкоджаны 41 расійскі самалёт.
Супрацоўнік NATO дадаў, што ўкраінцы атакавалі канвенцыйныя, выключна вайсковыя цэлі, якія Расія выкарыстоўвала для ўдараў па мірных украінскіх жыхарах. Таму ён не чакае, што аперацыя "Павуцінне" справакуе эскалацыю вайсковых дзеянняў.
Падрыхтоўка аперацыі "Павуцінне" заняла паўтара года. Яе актыўная фаза прыпала на 1 чэрвеня. СБУ спачатку пераправіла ў Расію FPV-дроны, а пазней — мабільныя драўляныя "домікі" для іх. Дроны былі схаваныя пад накрыўкі "домікаў", якія размясцілі на грузавых аўто. У патрэбны момант вечкі домікаў былі дыстанцыйна адчыненыя, і беспілотнікі вылецелі на спатканні з расійскімі бамбавікамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.