Настассі "Север" Махамет прысудзілі 18 гадоў калоніі завочна

Настасся "Север" Махамет

Настасся "Север" Махамет

Генпракуратура 24 красавіка паведаміла, што Мінскі гарадскі суд завочна, па "спецыяльнай вытворчасці" асудзіў пяцярых беларускіх добраахвотнікаў палка імя Кастуся Каліноўскага.

Арцёма Бігеля, Вячаслава Граноўскага, Ігнація Кірэева, Настассю Махамет, Яна Мельнікава прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод абвінавачанняў фігуравалі і "акт тэрарызму" і "арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі".

Самая вядомая з асуджаных, бадай, Настасся "Север" Махамет — былая камандзірка медроты каліноўцаў.

Паводле звестак Генпракуратуры фігурантам інкрымінавалі:
Кірэеву, Мельнікаву і Махамет — кіраўніцтва структурным падраздзяленнем, уключаным у арганізацыю для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, удзел і кіраўніцтва падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання, удзел у злачыннай арганізацыі і кіраўніцтва яе структурным падраздзяленнем, вербаванне і ўцягненне асобаў у тэрарыстычную дзейнасць;
Бігелю і Граноўскаму — удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, экстрэмісцкім фармаванні і злачыннай арганізацыі, асобна Бігелю — яшчэ і кіраўніцтва структурным падраздзяленнем экстрэмісцкага фармавання і злачыннай арганізацыі.

Усіх фігурантаў таксама абвінавацілі ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вербаванні і падрыхтоўкі асобаў да такога ўдзелу.

Мельнікаву, Кірэеву і Бігелю завочна прызначылі па 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнаму, Махамет — 18 гадоў калоніі з адбыццём першых 5 гадоў у турме, а Граноўскаму — 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама асуджаным каліноўцам прызначылі штрафы — ад 500 да 3500 базавых велічыняў (ад 21 000 да 147 000 рублёў).

Настассі "Север" Махамет прысудзілі 18 гадоў калоніі завочна
Асуджаныя завочна каліноўцы / калаж "Вясны"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.