Нацыянальны аэрапорт Мінск і Мінскі метрапалітэн мініравалі сёлета па 7 разоў
Ад пачатку 2016 года ў Беларусі зафіксавана 45 заведама хлуслівых паведамленняў пра небяспеку. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў першы намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік крымінальнай міліцыі палкоўнік міліцыі Уладзімір Рудзішкін.
Большую частку ілжывых паведамленняў адбывалася на тэрыторыі Мінска — 23 выпадкі. Па словах Рудзішкіна, найбольш часта мініравалі Нацыянальны аэрапорт Мінск і Мінскі метрапалітэн — па сем выпадкаў. Таксама былі паведамленні пра закладзеныя міны на прадпрыемствах і ў арганізацыях. "Зафіксаваныя паведамленні аб падрыхтоўцы выбуху жылога дома, у адной з кватэр якога, як пазней высветлілася, пражываў сам "падрыўнік", — цытуе БЕЛТА словы спецыяліста.
Міліцыянт адзначыў, што падобныя злачынствы даволі добра раскрываюцца. Напрыклад, у Мінску раскрытыя 16 злачынстваў з 23 — гэта амаль дзве траціны.
Рудзішкін намаляваў партрэт зламысніка. Часцей за ўсё фальшывыя паведамленні робяць людзі нецвярозыя або з разладамі псіхікі. Два з трох "тэлефонных мінёраў" — мужчыны, частка паведамляенняў ідзе ад непаўналетніх.
За першае такое злачынства пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. За паўторнае, або групавое, альбо з цяжкімі наступствамі, альбо са шкодай у буйным памеры — ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі. Прычым крымінальная адказнасць за такое правапарушэнне ў Беларусі наступае з 14 гадоў.