Начныя абстрэлы і спробы УС РФ контратакаваць пад Херсонам — 155-я раніца вайны
Расійскія вайскоўцы / ТАСС
Расіяне раніцай нанеслі ўдары па прыгарадзе Кіева і шэрагу рэгіёнаў Украіны. У Кіеўскай вобласці ракеты ўпалі на адну з грамад Вышгарадскага раёна. Тут быў "абстраляны аб'ект інфраструктуры", распавёў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксей Кулеба. Па яго словах, на месцы ўжо працуюць усе экстраныя службы, інфармацыя аб ахвярах ўдакладняецца.
Пацярпелыя ёсць у Харкаўскай вобласці. Параненыя трое, у тым ліку 12-гадовы хлопчык, паведамляе "Громадське" са спасылкай на кіраўніка горада Дзергачы Вячаслава Задорэнку. Населеныя пункты Дзергачоўскай грамады расіяне абстралялі напярэдадні. А ўначы пад абстрэламі апынуўся Харкаў. Былі два абстрэлы — "абодва адразу ж пасля паўночы. Адзін бліжэй да цэнтру, другі ў адным з прылеглых да яго раёнаў. Зноў ракеты С-300. Як вынік — два невялікія пажары, патушаныя нашымі ратавальнікамі. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма", — кажа мэр горада Ігар Церахаў.
Пад варожы абстрэл сёння раніцай трапіла і Чарнігаўская вобласць. Ракеты сюды прыляцелі з Беларусі, паведамілі ў аператыўным камандаванні "Поўнач".
"З 5:20 да 6:30 гадзін 28 ліпеня 2022 года з беларускіх крыніц паступала інфармацыі аб запуску больш за 20 ракет з тэрыторыі Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні. Вайскоўцам вядома аб прылётах дзевяці ракет. Яны ўпалі ў лясны масіў на тэрыторыі Ганчароўскай грамады Чарнігаўскай вобласці. Але працавала і сістэма СПА. Аб ахвярах гэтых ракетных удараў не паведамляецца.
Расіяне напярэдадні спрабавалі ісці ў контратаку на паўднёвым фронце. Прычым адразу на двух кірунках — на Белагорку і на Андрэеўку. Пра гэта паведаміла аператыўнае камандаванне "Поўдзень". Але ў абодвух выпадках, па словах украінскага камандавання, расійскія войскі поспехаў не мелі і з стратамі адышлі.
Акрамя таго, у мінулыя суткі расіяне спрабавалі штурмаваць яшчэ на некалькіх напрамках. Атакі на Славянскім і Бахмуцкім напрамках таксама скончыліся няўдала. А вось штурм у Данецкай вобласці на кірунку Видродження-Вяршыня прынёс расіянам частковы поспех: "праціўнік замацоўваецца на паўднёвы ўсход ад Вяршыні", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
Расійскія войскі пакуль здольныя вытрымаць толькі дзве значныя наступальныя аперацыі ва Украіне: першая гэта спроба захапіць Северск, а другая — наступ на Бахмут, мяркуюць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Аналітыкі нагадваюць, што з канца "аператыўнай паўзы" 16 ліпеня расіяне засяродзіліся на прасоўванні на Северск з Верхнекаменкі і Белагораўкі, і на Бахмут — у раёнах Новалуганская і Вуглягорскай ЦЭС. Пры гэтым расіяне не змаглі захаваць аналагічныя наступальныя аператыўныя тэмпы або дасягнуць аналагічных тэрытарыяльных заваёў у іншых раёнах Украіны.
"Таму расійскі наступ, верагодна, завершыцца кульмінацыяй, перш чым будуць захопленыя любыя іншыя буйныя гарадскія раёны Украіны", — робяць выснову аналітыкі Інстытута.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце пракаментаваў абстрэл Антонаўскага моста. Паводле яго слоў, мост у Херсоне і іншыя пераправы "будуць адбудаваныя". І адбудаваныя "намі".
"Мы робім усё, каб у акупантаў не было ніякіх лагістычных магчымасцяў на нашай зямлі", — патлумачыў дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў Зяленскі. Ён падкрэсліў, што ўкраінская ўлада мае намер вызваляць тэрыторыю краіны "вайсковымі, дыпламатычнымі і ўсімі іншымі даступнымі інструментамі", пакуль не дойдзе да законных межаў Украіны.
Святы Сінод Праваслаўнай Царквы Украіны звярнуўся да Усяленскага патрыярха Варфаламея з заклікам пазбавіць патрыярха Маскоўскага Кірыла Гундзяева пасады. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на прэс-службу ПЦУ.
"Святы Сінод падтрымаў унесены Сінадальнай багаслоўска-літургічнай камісіяй праект ліста да Усяленскага Патрыярха Варфаламея і Прадстаяцеляў Памесных Праваслаўных Цэркваў аб прыцягненні расійскага Патрыярха Кірыла да кананічнай адказнасці і пазбаўленне яго патрыяршай пасады", — гаворыцца ў паведамленні па выніках чарговага пасяджэння Сінода.
Сінод ПЦУ таксама просіць асудзіць дактрыну "рускага свету" і прызнаць яе ерэтычнай. "Важна разумець, што ідэалогія сучаснай Рускай праваслаўнай царквы ўтрымлівае пагрозу не толькі для Украіны, але і для ўсяго праваслаўнага свету", — гаворыцца ў звароце.