Начныя абстрэлы і першая спроба вывезці збожжа з Адэсы — 159-я раніца вайны

Наступствы абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласці​ / @dnipropetrovskaODA
Наступствы абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласці​ / @dnipropetrovskaODA

Пад абстрэлам гэтай ноччу ў Украіне былі Мікалаеў, Харкаў і некалькі грамад Днепрапятроўскай вобласці. "Мікалаеў зноў пад атакай. У розных раёнах гарадах прагрымелі магутныя выбухі",піша мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

У Харкаўскай вобласці пад ударам апынуўся Салтанаўскі раён. Па папярэдніх дадзеных, параненыя двое грамадзянскіх. У Днепрапятроўскай вобласці стралялі ў Нікапальскім і Крыварожскім раёнах. Пра гэта распавёў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

"Больш за 60 прылётаў з "Градаў" па Марганцу і Краснагрыгор'еўскай грамадзе. Расійская армія наўмысна цэліла па жылых кварталах – па людзям, якія ў гэты час спалі. Параненыя дзве жанчыны. Адна з іх шпіталізаваная. Яна знаходзіцца ў цяжкім стане", — піша Разнічэнка.

А з таго боку фронту магутны выбух прагрымеў у горадзе Скадоўске Херсонскай вобласці. Расіяне акупавалі яго яшчэ ў сакавіку. Па дадзеных херсонскага выдання "Мост" знішчаныя расійскія склады з боепрыпасамі.

Ночные обстрелы и первая попытка вывезти зерно из Одессы — 159-е утро войны
Наступствы выбуху ў Скадоўску Херсонскай вобласці / @most_ks_ua

Генштаб УСУ раніцай у панядзелак паведамляе, што пагроза нанясення ракетных удараў па ваенных аб'ектах і аб'ектах крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі Украіны захоўваецца. У акваторыі Чорнага мора знаходзяцца "шэсць носьбітаў крылатых ракет марскога базавання тыпу "Калібр". Акрамя таго, на поўначы — у памежных з Украінай раёнах — "адзначаецца дадатковае разгортванне комплексаў радыёэлектроннай барацьбы" УС Беларусі.

Паводле ацэнак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, расійскія войскі ствараюць ўмовы для наступлення на Харкаў. Такую выснову эксперты зрабілі з аглядкай на новыя "лакалізаваныя наземныя атакі на паўночны захад і паўднёвы захад ад Ізюма".

"Расійскія сілы ўтрымлівалі пазіцыі вакол Балаклеі і Вялікай Камышэвахі на працягу некалькіх месяцаў і могуць выкарыстоўваць гэтыя два раёны як плацдарм для наступальнай аперацыі", — пішуць эксперты.

Пры гэтым, на іх думку, расійскія сілы наўрад ці змогуць захапіць Харкаўскую вобласць або ўзяць Харкаў — другі па колькасці насельніцтва горад Украіны — "улічваючы тэмпы прасоўвання ў Данбасе і праблемы з фарміраваннем сіл і лагістыкай". Зрэшты ў экспертаў ёсць і яшчэ адно тлумачэнне гэтай актыўнасці ля Ізюма — магчыма, расіяне атакуюць, каб прадухіліць контрнаступлення ўкраінскіх войскаў.

Аналітыкі Інстытута таксама пішуць пра радыёлакацыйныя адбівальнікі уздоўж Антонаўскага моста ў Херсоне, якія ўсталявалі расіяне. Абсталяванне бачнае на спадарожнікавых здымках. Такім чынам расіяне хочуць засцерагчыся ад ракетных удараў з боку УСУ, лічаць у Інстытуце. Там таксама дадалі, што, мяркуючы па кадрах у сацыяльных сетках, расійскія войскі спрабуюць адрамантаваць мост.

Ночные обстрелы и первая попытка вывезти зерно из Одессы — 159-е утро войны
Пантонная пераправа ля Антонаўскага моста ў Херсоне / РИА Новости

Расійская армія спрабуе ўзмацніць пазіцыі ў акупаваных раёнах на поўдні Украіны — ідзе перакідка часткі сіл з Данбаса ў Херсонскую і Запарожскую вобласці. Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце. Пры гэтым ён мяркуе, што стратэгічна ў Расіі няма шанцаў атрымаць перамогу ў гэтай вайне.

Пры гэтым ён заклікаў трымацца і тактычна.

"Трэба трымацца на поўдні, на ўсходзе і ўсюды. Трымацца ў абароне, у дыпламатыі, у палітыцы. Захоўваць наша адзінства і не толькі да перамогі, але і пасля яе, каб якасна аднавіць усё разбуранае акупантамі", — сказаў Зяленскі.

Віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук распавяла, як будзе арганізавана эвакуацыя з Данецкай вобласці. Трэба будзе вывезці больш за 50 тысяч дзяцей і 200 тысяч дарослых. На вакзале людзей сустрэнуць і дадуць першую дапамогу і фіндапамогу. Грошы, па словах чыноўніцы, ёсць.

"Мы ўсе памылкі мінулых хваляў эвакуацый ўлічылі", — сказала яна. Той, хто не захоча эвакуявацца, застанецца пад персанальную адказнасць, "але яшчэ раз кажу: газу, ацяплення не будзе, святла не будзе", нагадала Ірына Верашчук. Раней  людзей эвакуявацца заклікаў Уладзімір Зяленскі.

Першае судна з збожжам пакіне ўкраінскі порт, верагодна, ужо сёння, 1 жніўня. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Турцыі Ібрагім Калын у эфіры тэлеканала Kanal7.

"Караблі гатовыя выйсці з порта Адэсы. Першае судна, верагодна, пакіне порт ужо раніцай 1 жніўня", — сказаў ён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што вайна працягваецца і гэта можа паставіць пад пагрозу выкананне пагаднення. "Украіна права, калі кажа: "Мы ратыфікавалі пагадненне, але калі вайна будзе ісці на розных франтах, калі будуць забітыя палонныя, груз затрымаецца", — адзначыў прэс-сакратар турэцкага прэзідэнта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.