На волю выйшаў палітвязень Арцём Анішчук, ён ужо ў бяспецы

Арцём Анішчук / spring96.org
На волю выйшаў палітвязень Арцём Анішчук, які зазнаў катаванні ў калоніі. Ён быў за кратамі з верасня 2020 года, піша spring96.org.
Анішчук — фігурант справы аб пашкоджанні аўтамабіля намесніка начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы Дэпартамента выканання пакаранняў Аляксандра Гейца (па ёй праходзіла група з 5 чалавек). У лютым 2021-га яго асудзілі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Адбываць тэрмін Арцёма Анішчука накіравалі ў магілёўскую калонію № 15, у верасні 2021-га перавялі ў бабруйскую калонію № 2.
Анішчук мусіў выйсці на свабоду, адбыўшы цалкам тэрмін, 29 чэрвеня 2022 года, але яго перазатрымалі і асудзілі па новай крымінальнай справе яшчэ да года калоніі (за "абразу міліцыянера" ў закрытым тэлеграм-чаце ў 2020 годзе). Сваю віну ён не прызнаў і заявіў, што новая крымінальная справа — гэта помста начальніка калоніі № 15, дзе ён зазнаваў катаванні і збіццё. Пад рэпрэсіі трапіла жонка палітвязня Вольга Анішчук.
Палітвязень выйшаў на волю ў траўні, цалкам адбыўшы тэрмін. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што цяпер ён у бяспецы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.