На волю выйшаў гомельскі правакатар і палітвязень Яўген Катляроў (Какойта)

Яўген Катляроў (Какойта)

Яўген Катляроў (Какойта) / ТРК "Гомель"

На волю выйшаў гомельскі даносчык і правакатар Яўген Катляроў (псеўданім Какойта). Верагодна, ён цалкам адбыў прысуджаны тэрмін.

Катляроў пісаў даносы на журналіста Андрэя Толчына за супрацу з "Белсатам", даваў на судзе сведчанні супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Увесну 2024 года яго затрымалі пасля серыі відэаролікаў з крытыкай улады і абвінавацілі паводле "палітычных" артыкулаў — у дыскрэдытацыі Беларусі і абразе прадстаўніка ўлады. Катлярову прысудзілі 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Як заўважыў "Флагшток", Катляроў абнавіў сваю старонку ў сацсетках. Сярод іншага ён напісаў пост, у якім пералічыў бачаных ім палітвязняў:

"Яўген Меркіс, Аляксандр Данілевіч, Аляксандр Шабалін, Андрэй Марач, Ягор Лебядок, Аляксандр Кандрацюк, Віктар Залатарэўскі, Фішман, Раман Янкоўскі, Дзмітрый Мелехавец, Аляксандр Невар... Людзі, якіх бачыў там асабіста. Некаторыя нават надакучылі і раздражнялі сваім вечным ныццём".

Па пераліку прозвішчаў палітвязняў "Флагшток" робіць выснову, што Катляроў адбываў прысуджаны тэрмін у шклоўскай калоніі №17. Дарэчы, так магчыма даведацца пра месцазнаходжанне ваеннага аналітыка Ягора Лебедка, раней невядомае праваабаронцам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.