На помніку пад Смаргонню прыбралі надпіс "Ахвярам фашызму і камунізму"

Помнік-крыж у вёсцы Войстам / katolik.life
У Беларусі працягваецца барацьба з гісторыяй, хаця ўлады і заяўляюць, што яны супраць яе перапісвання.
На тэрыторыі касцёла ў вёсцы Войстам Смаргонскага раёна быў зменены подпіс на помніку, заўважыў сайт katolik.life. Гэта мемарыяльны крыж, усталяваны ў памяць пра ахвяраў фашызму і камунізму. Ён прысвечаны датам 1 і 17 верасня 1939 года — напад Германіі на Польшчу, з чаго пачалася Другая сусветная вайна, і напад СССР на Польшчу. Таксама крыж быў пастаўлены ў памяць пра землякоў, якія загінулі ў вайне і ў ссылцы ў Сібіры і Казахстане.
Надпіс на помніку быў па-польску — "Ofiarom faszyzmu i komunizmu" (Ахвярам фашызму і камунізму). На новай шыльдачцы размешчаная беларускамоўная цытата з Евангелля, якая цалкам змяняе сэнс, укладзены ў помнік: "Хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне".
Акрамя таго з помніка знікла фігура Багародзіцы, якая трымае на руках цела Хрыста.
Гэта не першы выпадак, калі змены ў хрысціянскіх храмах адбываюцца ў адпаведнасці з чарговымі ідэалагічнымі патрабаваннямі. У Мінску на тэрыторыі касцёла Святой Тройцы прыбралі крыж у памяць пра каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага, расстралянага нацыстамі ў канцлагеры ў Трасцянцы. У Зэльве з тэрыторыкі праваслаўнай царквы знік помнік знакамітай беларускай паэтцы Ларысы Геніюш. У касцёле ў Солах затынкавалі фрэску "Цуд над Віслай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.