На мяжы Беларусі і Польшчы пашкоджаны герб РБ, падобная правакацыя ўжо была

Памежны слуп / t.me/skgovby/
Беларускія памежнікі заявілі, што на мяжы з Польшчай пашкоджаны герб РБ на памежным слупе. Здарылася гэта ў студзені ў Пружанскім раёне побач з заставай "Перароў". На месца прыязджала следча-аператыўная група, якая зафіксавала пашкоджанні (мяркуецца, што стралялі металічнымі шарыкамі). Крымінальную справу распачалі па артыкуле "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 КК).
Следчы камітэт адзначае, што памежны знак знаходзіцца недалёка ад беларуска-польскай мяжы. Яго пярэдні бок скіраваны ў бок Польшчы.
Нешта падобнае на беларуска-польскай мяжы адбылося тры гады таму. Беларускія памежнікі паведамілі палякам пра пашкоджанне герба на памежным знаку. Нібыта, ён быў абстраляны металічнымі шарыкамі, якія выявілі на месцы здарэння. У Беларусі распачалі крымінальную справу з гэтай нагоды. Польскія памежнікі заявілі, што беларускія памежнікі самі пашкодзілі герб: яны яго здымалі, а пасля вярнулі на месца і пачалі фатаграфаваць. Дзеянні беларускага боку польскія памежнікі характарызавалі як правакацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.