На камп'ютарах у офісе Яцанюка знайшлі расійскую "праграму-шпіён"

На дзясятках усталяваных у офісе прэм'ера і дыпмісіях камп'ютараў выявілі траянскія праграмы, якія забяспечваюць доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на газету Financial Times (FT).

У апублікаванай напярэдадні справаздачы кампаніі Symantec адзначаецца, што ахвярамі віруса сталі каля 60 камп'ютараў, усталяваных у офісе "прэм'ер-міністра адной з былых рэспублік Савецкага Саюза". Крыніцы FT у NATO патлумачылі, што пад былой рэспублікай СССР маецца на ўвазе Украіна.

Па звестках выдання, гаворка ідзе пра траянскую праграму Snake, вядомую таксама пад назвамі Turla і Uroboros. Прабраўшыся на чужы камп'ютар, траян перахоплівае сеткавы трафік, а таксама дае зламыснікам магчымасць атрымаць аддалены доступ да падлучанага да інтэрнэту камп'ютара.

Увесну 2014-га паведамлялася пра выкарыстанне Snake пры нападах на камп'ютарныя сеткі шэрагу ўкраінскіх міністэрстваў і ведамстваў. Па словах былога работніка ваеннай разведкі, а цяпер эксперта па кібервайне ў Royal United Services Institute Пітэра Робертса, "аператары" віруса Snake мэтанакіравана выбіраюць сістэмы бяспекі і абароны ўрадавых органаў і іх ключавых партнёраў. Ён упэўнены, што вірус створаны расійскімі аператыўнікамі.

У справаздачы Symantec гаворыцца таксама, што заражаныя Snake камп'ютары былі выяўленыя ў пасольствах яшчэ адной "былой рэспублікі Савецкага Саюза", у Бельгіі, Францыі, Украіне, Кітаі, Іарданіі, Грэцыі, Казахстане, Арменіі, Польшчы і Германіі, а таксама ў Міністэрстве аховы здароўя "адной з заходніх краін" і Міністэрстве адукацыі адной з дзяржаў Цэнтральнай Амерыкі.

Фота — e7-nokia.ru