На ABBA падалі ў польскую пракуратуру. Арганізацыя склала сустрэчны пазоў

Уваход у будынак Рэгіянальнай пракуратуры ў Познані

Уваход у будынак Рэгіянальнай пракуратуры ў Познані / Фота: twitter.com/KarolKanski

Кампанія Lodka Productions падала заяву на Асацыяцыю беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) у пракуратуру Польшчы. Аб гэтым у фэйсбуку паведаміў чалец Каардынацыйнай рады і блогер Аляксандр Кныровіч

“<...> падставай для заявы стала магчымае махлярства з боку Марыны Гірын і Яўгена Бурага, сустваральнікаў арганізацыі”, — піша Кныровіч.

Нагодай для канфлікту паміж Lodka Productions і ABBA стала выкананне кампаніяй замовы на вытворчасць 20 відэаролікаў у фармаце reels. Праца нібы была завершана ў тэрмін, узгоднена ў афіцыйных чатах і часткова апублікавана ABBA ў сваіх сацыяльных сетках. Аднак пасля завяршэння праекта арганізацыя адмовілася ад аплаты, спасылаючыся на нібыта неадпаведнасць фармату чаканням — нягледзячы на тое, што фармат відэа быў загадзя ўзгоднены бакамі.

У сваю чаргу сузаснавальніца ABBA Mарына Гірын адказала Еўрарадыё, што нічога не ведае адносна зварота ў пракуратуру.

“З нашага боку [у суд] адпраўлена скасаванне ўмовы на аказанне паслуг і кампенсацыя за сапсаваную дзелавую рэпутацыю. Таму дзеянні, якія ажыццяўляе Lodka, цалкам не юрыдычныя, юрыстаў у іх няма. Я не разумею, чаму яны гэта робяць.<...> Хочуць звяртацца ў пракуратуру, хай звяртаюцца. Мы пра тое нічога не ведаем”.

Гірын кажа, што на асацыяцыю няспынна льюць паклёп і бруд, з якім яны разбіраюцца юрыдычным чынам. 

“Мы максімальна імкнемся [да вырашэння пытання] у судовым парадку, а не ў гэтых сутычках у фэйсбуку, адстаяць сваю дзелавую рэпутацыю праз юрыстаў і пакончыць з гэтым раз і назаўсёды, з гэтымі спекуляцыямі. <...> У Lodka няма ніякіх падстаў да пазову, яны парушылі ўсё. <...> Гэтай сітуацыяй ад нашага боку займаецца і [адвакаткі] Ганна Маціеўская, і Марыя Колесава-Гудзіліна, яны падрыхтавалі заявы. Не бачу сэнсу, каб на Кныровіча гэтага, які гаўно ілье на ABBA, ужо 15-ты ці 20-ты пост піша, неяк рэагаваць”, — падсумавала суразмоўніца.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна адмовілася каментаваць справу, патлумачыўшы, што не ўпаўнаважаная гэта рабіць.

У сваю чаргу стваральнік кампаніі Lodka Productions Антось Сівых пацвердзіў, што пазоў на ABBA у пракуратуру быў пададзены, але пакуль не ўдакладніў дэталяў.

Месяц таму кампанія ўжо публікавала заўвагі да ABBA у LinkedIn, ахарактарызаваўшы сітуацыю парушэннем дзелавой этыкі і празрыстасці, з улікам таго, што асацыяцыя “фінансуецца донарамі і супрацоўнічае з паважанымі еўрапейскімі структурамі”. 

На гэтую заўвагу Марына Гірына адказала Еўрарадыё ў размове ў сакавіку, што пытанне ўжо разглядаецца ў юрыдычнай плоскасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.