На 18 ліпеня ў Беларусі таксама абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі
Перад навальніцай, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У чацвер, 18 ліпеня, у Беларусі чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы ў паўднёвых, удзень у паўднёва-ўсходніх раёнах на большай частцы тэрыторыі чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі прагназуюцца моцныя ліўні. На астатняй частцы тэрыторыі ў асобных раёнах прагрымяць навальніцы.
Вецер уначы будзе няўстойлівы, удзень — паўночна-заходні ўмераны, пры навальніцах — парывісты. Месцамі чакаецца шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвяцілі на чацвер аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 17-23 цяпла, удзень прагназуецца +23...+29.