МЗС Польшчы: Рашэнне аб фінансаванні “Белсата” пакуль не прынятае

Рашэнне аб фінансаванні тэлеканала “Белсат” пакуль не прынятае. Пра гэта БелаПАН паведамляе са спасылкай на польскае Міністэрства замежных справаў.
“У адказ на вашае пытанне паведамляем, што рашэнне адносна фінансавання тэлеканала “Белсат” яшчэ не прынятае”, — заявілі ў прэс-службе ведамства ў адказ на просьбу беларускага інфармагенцтва пракаментаваць будучыню тэлеканала.
Пра магчымае скарачэнне фінансавання “Белсата” паведаміла ў інтэрв’ю wpolityce.pl дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўская. У 2016 годзе на дзейнасць "Белсата" вылучалася 17 мільёнаў злотых (4,2 млн долараў). На 2017 год МЗС Польшчы плануе вылучыць тэлеканалу 5 мільёнаў злотых (1,2 млн долараў), паведаміла Рамашэўская.Таксама, па яе словах, тэлеканал "Белсат" плануюць перавесці на рускамоўнае вяшчанне.
У Беларусі гэтая інфармацыя выклікала вялікі рэзананс. Актывісты дэмсіл ўжо абвясцілі пра намер арганізаваць кампанію ў падтрымку "Белсата". У бліжэйшы панядзелак, 19 снежня, у офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Мінску адбудзецца сустрэча грамадскіх актывістаў і палітыкаў, на якой плануецца выпрацаваць план дзеянняў па выратаванні тэлеканала. А журналіст Зміцер Гурневіч прапанаваў накіроўваць у канцылярыю прэзідэнта Польшчы, польскі МЗС і кіраўніцтву кіруючай партыі "Права і Справядлівасць" лісты з заклікам не скарачаць падтрымку "Белсата" і не мяняць мову яго вяшчання.