МЗС пагражае YouTube блакіроўкай на тэрыторыі Расіі
Паведамленне ад YouTube відэа-каналу Дзярждумы
YouTube заблакаваў канал расійскай Дзярждумы "Дума ТБ". Паведамляецца, што на яго было падпісана 145 тысячаў чалавек, а самі відэа славіліся мільённымі праглядамі. Блакаванне адбылося ў межах санкцый супраць Расіі, пры чым, акаунт заблакаваны без магчымасці аднаўлення.
На сітуацыю тут жа адрэагавала расійскае МЗС. Яго афіцыйная прадстаўніца Марыя Захарава стала пагражаць відэахостынгу блакіроўкай у адказ.
"Мяркуючы па ўсім, YouTube сабе прысуд падпісаў. Захоўвайце кантэнт, пераносьце на расійскія платформы. І хутчэй", — сказала Захарава.
Неўзабаве галоўны цэнзар Расіі — "Раскамнагляд" — запатрабаваў ад YouTube аднавіць доступ да канала дзярждумы, заявіўшы, што "блакіроўка YouTube-канала дзяржаўнага органа перашкаджае распаўсюджванню інфармацыі і свабоднаму доступу да яе".
Заявы аб блакіроўцы YouTube на тэрыторыі Расіі ўжо гучалі. 18 сакавіка прапагандысты абяцалі забараніць відэахостынг на працягу тыдня, але нешта пайшло не так.