МЗС: можам даць амбасадару ЗША грамадзянства Беларусі і разам кіраваць Аляскай

25 сакавіка амбасада ЗША павіншавала беларусаў з Днём Волі.
А 26 сакавіка на сайце МЗС з'явіўся афіцыйны каментар з нагоды гэтага віншавання.
Найперш МЗС Беларусі прапанаваў віншаваць нашых граамдзян і з дзяржаўнымі святамі.
А далей пайшлі вельмі дзіўныя пасажы: "Мы прызнаем свае памылкі і карыстаемся выпадкам, каб прынесці прабачэнні за адсутнасць віншаванняў з нядаўнім 160-годдзем прыняцця Канстытуцыі Канфедэратыўных Штатаў Амерыкі, Сцяг якіх па-ранейшаму дарагі шматлікім амерыканцам. Пры гэтым рух BLM па ўсёй краіне налічвае дзясяткі мільёнаў удзельнікаў".
МЗС прыводзіць словы прэзідэнта Байдэна пра неабходнасць амерыканцам аб'яднацца. З гэтай нагоды беларускае ведмства прапаноўвае свае паслугі як пляцоўкі для перамоваў, выкарыстоўваючы досвед перамоваў Трохбаковай кантактнай групы па Украіне.
Сярод іншага беларускія дыпламаты прапаноўваюць даць грамадзянства новапрызначанай амбасадарцы Джулі Фішэр: "Мы ўдзячныя прызначанаму амбасадару ЗША ў Беларусі Дж. Фішэр за неацэнную падказку ўсяму беларускаму народу, калі і якім чынам трэба праводзіць выбары. Безумоўна, наша беларускае прымітыўнае і беднае мысленне ніколі б не дазволіла нам самім вырашыць гэтае пытанне. У знак неймавернай удзячнасці МЗС гатовы па-за чаргой прыняць заяўку Яе Правасхадзіцельства на атрыманне беларускага грамадзянства, каб уключыць яе ў спіс выбарцаў і даць магчымасць удзельнічаць у галасаванні. Гэта ж можна зрабіць і без грамадзянства на якой-небудзь прызнанай Дж. Фішэр электроннай платформе".
Акрамя таго, Беларусь прапаноўвае ўзяць апеку над Аляскай і кіраваць гэтым штатам сумесна з ЗША: "Глыбока прасякнуўшыся ўвагай ЗША да лёсу Беларусі, у якасці кроку ў адказ мы можам зрабіць бескарыслівы ўнёсак у развіццё сельскай гаспадаркі Аляскі і эфектыўнае асваенне яе зямель. У гэтай сувязі гатовыя разгледзець магчымасць сумеснага кіравання гэтай тэрыторыяй".
Заканчваецца каментар здзеклівай фразай пра шосты флот ЗША каля Беларусі: "Спадзяемся, што пазітыўны трэнд у нашых адносінах захаваецца і мы сумесна падыдзем да таго моманту, калі зможам з радасцю сустракаць шосты флот ЗША ля марскіх межаў Беларусі!"
У МЗС заявілі, што з'яўленне гэтага каментара не жарт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.