У Літве распавялі, навошта ЗША змякчаюць рыторыку ў дачыненні да Мінска

Лукашэнка і Трамп

Лукашэнка і Трамп / Калаж Еўрарадыё

Літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Вашынгтон змякчыў рыторыку ў дачыненні да Беларусі, таму што верыць у рэальнасць дасягнення вынікаў па вызваленні палітвязняў. У інтэрв'ю LRT з Вашынгтона, дзе ён правёў сустрэчы з дзяржсакратаром Марка Рубіа і спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Будрыс адзначыў, што ЗША запусцілі маштабную глабальную кампанію за вызваленне палітычных зняволеных па ўсім свеце.

— Калі хтосьці і можа дамагчыся поспеху, то толькі яны, таму што ніхто іншы не падыме такое пытанне і не валодае такімі інструментамі, — сказаў міністр. Аднак ён падкрэсліў, што кантакты ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам не павінны ператварацца ў карт-бланш для рэжыму:

— Мы не можам дазволіць Лукашэнку ўвайсці ў смак і лічыць, што цяпер ён можа дазволіць сабе гібрыдныя атакі супраць суседзяў. Гэта не можа быць цаной.

Будрыс таксама абверг чуткі аб магчымым абмеркаванні транзіту беларускіх угнаенняў праз Літву. Паводле яго слоў, пытанне "Беларуськалія" не ўздымалася, бо гэта нацыянальнае рашэнне Літвы і санкцыя ЕС:

— Гэта наша справа. ЗША каардынуюць і інфармуюць, але дзейнічаюць на двухбаковай аснове.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.