МЗС Літвы прасіла Келага дапамагчы вызваліць зняволеных у Беларусі літоўцаў

Кястуціс Будрыс

Кястуціс Будрыс / LRT

Літоўскія дыпламаты прасілі прадстаўнікоў ЗША дапамагчы вызваліць літоўскіх грамадзян, зняволеных у Беларусі.

"Магу пацвердзіць, што гэта было самае важнае, пра што мы казалі. Менавіта з гэтага я і пачаў гаварыць, якія інтарэсы Літвы, што мы хочам зрабіць, каб нашых грамадзян пакінулі ў спакоі",перадае lrt.lt словы кіраўнік МЗС Літвы Кястуціса Будрыса.

Гаворка ідзе пра візіт у Беларусь у чэрвені спецпасланніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага і вызваленне 14 чалавек, у тым ліку аднаго з лідараў апазіцыі Сяргея Ціханоўскага.

Паводле Будрыса, ён размаўляў з Келагам ды іншымі чальцамі амерыканскай дэлегацыі як да іх ад'езду ў Беларусь, так і пасля вяртання.

"Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці самой задумы, што хочуць рабіць нашы амерыканскія сябры, але з нашага боку быў перададзены вельмі выразны сігнал наконт інтарэсаў і пазіцыі Літвы. Што тычыцца нашых грамадзян, якія незаконна ўтрымліваюцца ў зняволенні ў Беларусі, то яны павінны быць вызваленыя, і мы гэтага дамагаемся", — расказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Літвы.

Сярод людзей, вызваленых рэжымам Лукашэнкі ў чэрвені, грамадзян Літвы не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.