Музыкант з Беларусі прыняў удзел у фэсце ў акупаваным Крыме

Фестываль у акупаваным Крыме / @tavrida_art_fest
У акупаваным Расіяй Крыме адбыўся чарговы фэст "Таўрыда.Арт". Удзельнікаў фэсту 1-3 жніўня прымаў горад Судак.
Як заўважыла Радыё Свабода, 2 жніўня на адной з пляцовак фэсту выступіў беларускі выканаўца поп-музыкі LYRIQ разам з маскоўскай спявачкай DEMIDOVA.
Пад сцэнічным імем LYRIQ выступае 29-гадовы Кірыл Ермакоў. Ён пачынаў як кампазітар і саўнд-прадзюсар, супрацоўнічаў з рознымі расійскімі спевакамі. У 2018 выйшаў у фінал адборачнага конкурсу на "Еўрабачанне" ад Беларусі.
Таксама ў расійскіх СМІ паведамілі, што яшчэ адзін "госць з Беларусі" ўдзельнічаў у конкурсе штучнага інтэлекту "Культурны код Расіі". У гэтым конкурсе ацэньваліся відэаролікі, генерыраваныя або апрацаваныя пры дапамозе штучнага інтэлекту і прысвечаныя расійскаму культурнаму коду ў розных яго праявах — у жывапісе, архітэктуры, музыцы, літаратуры, тэатры, кіно і народных традыцыях. Пераможцам конкурсу стаў Аляксандр Шынкарэўскі з Сімферопаля з працай "Ванюша". Пра беларускі ролік інфармацыі няма.
Большасць мерапрыемстваў на фэсце мелі прапагандысцкую афарбоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.