Міжнародная федэрацыя дзюдо дапусціла беларусаў да спаборніцтваў пад дзяржсцягам

Прэзідэнт федэрацыі Марыюс Візер — сябар Уладзіміра Пуціна / Федерация дзюдо Беларуси
Паводле рашэння выканаўчага камітэта Міжнароднай федэрацыі дзюдо (МФД), беларускія атлеты дапускаюцца да ўдзелу ў міжнародных турнірах пад дзяржаўным сцягам з гербам і гімнам краіны з 1 чэрвеня 2025 года, паведамляе НАК Беларусі.
Прэзідэнт федэрацыі Марыюс Візер заявіў, што Міжнародная федэрацыя з нецярпеннем чакае магчымасці зноў вітаць беларускіх спартсменаў на татамі пад дзяржаўным сцягам Беларусі, падтрымліваючы шматгадовыя каштоўнасці і традыцыі дзюдо.
У 2023 годзе выканаўчы камітэт МФД прыняў рашэнне дазволіць спартсменам з Расіі і Беларусі ўдзельнічаць у мерапрыемствах у статусе індывідуальных нейтральных спартсменаў.
Хто такі Марыюс Візер
Марыюс Візер — уплывовы спартыўны функцыянер і бізнесмен з румынскім і аўстрыйскім грамадзянствам. Пасля навучання ў ваеннай акадэміі ў Румыніі ён спачатку займаўся дзюдо як спартсмен, а затым працаваў трэнерам. У 1988 годзе ён уцёк у Аўстрыю, дзе пабудаваў паспяховы бізнес, які ахопліваў гандаль садавіной, гульнявыя аўтаматы і будаўнічы сектар.
У 1998 годзе ён узначаліў Федэрацыю дзюдо Румыніі, у 2000 годзе стаў старшынёй Еўрапейскага саюза дзюдо, а ў 2007 годзе — прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі дзюдо.

Адной з важных тэм яго прэзідэнцтва сталі цесныя сувязі з Уладзімірам Пуціным. Упершыню ён сустрэўся з Пуціным у 1999 годзе на турніры па дзюдо ў Маскве.
У 2012 годзе Візер назваў Пуціна "ідэальным паслом нашага віду спорту", а ў 2008 годзе МФД надала Пуціну званне ганаровага прэзідэнта федэрацыі — тытул, які быў адкліканы ў 2022 годзе пасля пачатку вайны супраць Украіны.
У інтэрв’ю Візер апісаў свае адносіны з Пуціным як "больш чым карэктныя", дадаўшы, што яны размаўляюць паміж сабой па-нямецку. Журнал Der Spiegel у 2013 годзе назваў Візера "сябрам прэзідэнта Расіі".
Спробы Візера рэфармаваць міжнародны спорт — у прыватнасці, стварэнне глабальнай спартыўнай латарэі, спартбанка і новага буйнага спартыўнага мерапрыемства — выклікалі спрэчкі. Яго рэзкая крытыка МАК і праграмы "Павестка-2020" у 2015 годзе прывяла да палітычнай ізаляцыі Візера ў спартыўным асяроддзі.
Праз месяц пасля гэтых заяваў ён пакінуў пасаду кіраўніка Sportaccord — глабальнай арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў, якая базуецца ў Лазане, Швейцарыя.
У 2024 годзе Румынская федэрацыя дзюдо апублікавала адкрыты ліст, у якім абвінавачвала Марыюса Візера ва ўмяшанні ў яе працу і дзейнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.