Міністэрства аховы здароўя: за суткі ў Беларусі 1917 новых выпадкаў COVID-19
Эпідэмія каранавіруса ў Беларусі / Belta
За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1 тысяча 917 пацыентаў з COVID-19. Выпісаныя 2 тысячы 358 пацыентаў. Памерлі дзевяць чалавек, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 181 тысяча 113 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 159 тысяч 437 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, за ўвесь перыяд распаўсюджвання віруса ў Беларусі памерлі 1 тысяча 358 пацыентаў з COVID-19.
За мінулыя суткі выканана 27 тысяч 514 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3 млн 854 тысяч 965 тэстаў.
На днях у Беларусі зарэгістравалі расійскую вакцыну "Спутник V". Вакцынацыю плануюць пачаць у студзені. На першым этапе будуць прывіваць медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў, работнікаў гандлю і іншых сфер, дзе людзі кантактуюць з вялікай колькасцю людзей. Вакцыну яны атрымаюць бясплатна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.