Мінчук, кватэру якога разграміў АМАП, збірае грошы для суда з МУС

Мінчук Дзмітрый Серада на краўдфандынгавай платформе molamola.by абвясціў збор грошай для суда супраць МУС.
"Для давядзення справы да законнага канца па выкананні нашых канстытуцыйных правоў неабходныя велізарныя сродкі на адваката і судовыя выдаткі (магчыма для пачатку каля 3 тысяч рублёў), таму буду звяртацца да грамадскасці для збору сродкаў. Першая судовая маленькая перамога ўжо запатрабавала каля 1000 рублёў. Далей трэба будзе больш сродкаў, бо атрыманы адказ з МУС паказвае, што добраахвотна кампенсаваць шкоду МУС не будзе. Гэта значыць, толькі праз суд! А на гэта неабходныя пазовы, адвакат, шмат грошай і часу і, галоўнае, ваша падтрымка!" — піша мінчук.
У выпадку перамогі ён абяцае вярнуць усе грошы ахвярадаўцам. А справаздачу па выкарыстанні сродкаў гатовы публікаваць у сацсетках.
Гісторыя Дзмітрыя Серады пачалася ў жніўні 2016 года. Тады ў яго кватэру ўварваўся АМАП. Мужчыну жорстка затрымалі на вачах у жонкі і маленькага дзіцяці. Сераду падазравалі ў эксгібіцыянізме. Аднак ужо ў дзень затрымання высветлілася, што адбылася памылка, тым не менш мужчына двое сутак правёў за кратамі.
Прадстаўнікі міліцыі адмовіліся прасіць у яго прабачэння і кампенсаваць матэрыяльныя страты па рамонце кватэры. Доктар патрабаваў пачаць крымінальную справу за незаконнае ўварванне, аднак Следчы камітэт і пракуратура не пабачылі падставаў для яе.
23 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска адмяніў пастанову следчага, які адмовіўся пачынаць крымінальную справу. Дакументы вернутыя ў Следчы камітэт на дадатковую праверку.