Міліцыя шукае гаспадароў матацыкла, на якім зламыснікі прыехалі рабаваць банк

Міліцыя шукае гаспадароў матацыкла, на якім зламыснікі прыехалі рабаваць банк

Міліцыя Мінскай вобласці, расследуючы разбойны напад на банк, шукае гаспадароў матацыкла, на якім маглі прыехаць зламыснікі.

Як паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінскага аблвыканкама, здарэнне адбылося каля 17-й гадзіны 21 красавіка ў пасёлку Бярэзінскае Маладзечанскага раёна Міншчыны. Злачынец пагражаў работніку аддзялення "Беларусбанка" прадметам, падобным да пісталета і скраў 60 млн рублёў, пасля чаго ўцёк. Па звестках міліцыі, да злачынства маюць дачыненне двое маладых людзей.

У праваахоўнікаў ёсць падставы меркаваць, што зламыснікі ездзілі на матацыкле "ІЖ-Планета 4" без рэгістрацыйных нумароў. Гэты транспарт знайшлі недалёка ад месца здарэння. Высветліць, каму належыць матацыкл, міліцыя пакуль што не змагла.

Паведамляецца, што "ІЖ-Планета 4" мае шэраг характэрных прыкметаў. Матацыкл быў перафарбаваны ў сіні колер (заводскі колер — зялёны). Сядушка на ім абвязаная празрыстым скотчам. У мацаванні задняга паказальніка павароту, а таксама спідометра на рулявой частцы выкарыстаная сіняя ізастужка.

Супрацоўнікі міліцыі просяць усіх, хто мае інфармацыю пра ўладальнікаў матацыкла, або што-небудзь ведае аб разбойным нападзе, паведаміць у Маладзечанскі РАУС. Кантактныя тэлефоны: 8-017-677-16-56, 8-029-697-37-03, 8-029-753-99-40, 8-029-140-83-32.

Канфідэнцыйнасць і ўзнагароджанне гарантуецца.