Міхаілу Саакашвілі прысудзілі яшчэ 9 гадоў зняволення
Міхаіл Саакашвілі за кратамі / Irakli Gedenidze
Экс-прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі прысудзілі яшчэ 9 гадоў зняволення. На гэты раз — за растрату каля 3 млн долараў бюджэтных сродкаў.
Абвінавачанне сцвярджала, што ў часе прэзідэнцтва палітык з дзяржаўных грошай аплачваў вучобу сына, рабіў касметычныя працэдуры і купляў вопратку. У прэсе працэс называюць "справай пра пінжакі", бо там фігуруюць закупкі шасці пінжакоў для прэзідэнта, піша jam-news.net.
Новы тэрмін будзе лічыцца з моманту затрымання Саакашвілі — з 1 кастрычніка 2021 года. Былы прэзідэнт Грузіі ўжо адбывае шасцігадовы тэрмін. Супраць яго працягваюцца яшчэ два судовыя працэсы — па справах аб разгоне апазіцыйнага мітынгу і аб незаконным перасячэнні мяжы.
Прысуд за незаконны пераход мяжы, як чакаецца, абвесцяць 14 сакавіка. Па гэтай справе праходзяць яшчэ чатыры абвінавачаныя, усе яны адпушчаныя пад заклад.