Медалісткай Дыяментавай лігі стала беларуска, якая асудзіла рэпрэсіі і вайну

Марыя Жодзік / IMAGO/NOUSHAD / newspix.pl
Медалісткай прэстыжных лёгкаатлетычных спаборніцтваў стала беларуска, якая асудзіла рэпрэсіі на радзіме і расійскую агрэсію супраць Украіны.
Беларуская скакуха ў вышыню Марыя Жодзік цяпер выступае за Польшчу. На спаборніцтвах Дыяментавай лігі ў Стакгольме яна ў нядзелю заняла трэцяе месца. Беларуска ўзяла планку на вышыні 1,93 метра. Лепшыя за яе вынікі паказалі толькі аўстралійка Нікале Оліслэджэрс (2,01) і алімпійская чэмпіёнка з Украіны Яраслава Магучых (1,99).
Для 28-гадовай Марыі Жодзік гэта стаў першы медаль на спаборніцтвах экстра-класа.
Марыя — ураджэнка Баранавічаў. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту сілавікоў. Пазней Жодзік асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.
Цяпер беларуска трэніруецца ў беластоцкім клюбе Podlasie Białystok. Яна атрымала польскі пашпарт і летась ўдзельнічала ў Алімпіядзе ў Парыжы, хаця і няўдала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.