Махляр прапаноўваў мінчанкам дарагія аўто за сэкс цягам года

Махляр прапаноўваў мінчанкам дарагія аўто за сэкс цягам года

31-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Віцебска, прыдумаў новы від шлюбнага аферызму: ён знаёміўся з дзяўчатамі ў сацыяльных сетках і прапаноўваў ім дарагія машыны за інтымныя паслугі, якія пацярпелыя павінны былі аказваць яму цягам года.

Першай ахвярай махляра стала 25-гадовая мінчанка. У сацыяльнай сетцы ёй прыйшло паведамленне ад невядомай дзяўчыны, якая напісала, што багаты і забяспечаны мужчына шукае сабе сяброўку для адносінаў і гатовы стаць спонсарам. За інтымныя адносіны ён абяцаў падарыць дарагі аўтамабіль. Неўзабаве мінчанка пачала перапісвацца ў “Вайберы” з гэтак званым “спонсарам” і пасля гэтага адбылося спатканне ў Мінску.

На сустрэчы мужчына папрасіў дзяўчыну падключыць яго да беларускага мабільнага аператара, што яна і зрабіла. Пасля яны вызначыліся з маркай аўто, якое дзяўчына хацела атрымаць у падарунак — “Паршэ Макан”. Кошт машыны ў фірмовым салоне складаў 69 500 еўра і мужчына сказаў, што гэта задорага. Таксама ён сказаў, што аднойчы набываў жанчыне машыну, але пасля атрымання падарунка яна адмовілася ад інтымных адносінаў. Цяпер ён бярэ заклад у 600 еўра. Пацярпелая дала махляру грошы.

Паколькі дзяўчына не мела правоў кіроўцы, то зламыснік узяўся дапамагчы ёй з іх атрыманнем. Ён сказаў, што правы каштуюць 1200 долараў, таму яму трэба яшчэ 600 долараў. Мінчанка аддала яму апошнія 200 долараў і сказала, што ў яе болей няма грошай. Праз некалькі дзён яна западозрыла падман і звярнулася ў міліцыю.

Другой пацярпелай стала 32-гадовая мінчанка. Ёй таксама прапанавалі спонсарства і машыну за сэкс. Праўда, у гэтым выпадку гаворка ішла пра “Мэрседэс”. Пасля заключэння дамовы на набыццё аўто ў салоне дзяўчына перадала махляру 1500 долараў на афармленне страхоўкі, а сама засталася чакаць мужчыну ля банка. Болей яна не бачыла “спонсара”.

Аферыста затрымалі. Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары, а міліцыя высвятляе, ці не было іншых пацярпелых ад яго дзейнасці, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.