Лукашэнкаўскі прапагандыст прапанаваў захапіць тэрыторыю Польшчы

Кірыл Казакоў

Кірыл Казакоў / sb.by

Захапіць тэрыторыю Польшчы прапанаваў лукашэнкаўскі прапагандыст, галоўны рэдактар газеты "Минский курьер" Кірыл Казакоў. Свае ідэі ён агучыў у праграме іншага прапагандыста — Рыгора Азаронка.

Казакоў адзначыў, што перлінай Гродзенскага краю з'яўляецца Аўгустоўскі канал, які выходзіць на горад Аўгустоў на тэрыторыі Польшчы. "Гэта раён таго самага Сувалкскага калідора. Я не разумею, чаму жамчужына нашага краю называецца Аўгустоўскі канал, а горад Аўгустоў не знаходзіцца ў сяброўскіх адносінах з Гродзенскай вобласцю", — абурыўся ён.

Прапагандыст прапанаваў уключыць у склад Беларусі Аўгустоў ці Беласток, дзе было абвешчана далучэнне Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе. (Пасля Другой сусветнай вайны Беласток быў перададзены Польшчы.) "Беласток — горад жа беларускі. Там выдатны горад Гайнаўка, які знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы, дый наогул Белая Вежа... Белая Вежа — гэта ж беларуская тэрыторыя", — заявіў Казакоў.

Лукашэнкаўская прапагандысты і сам Лукашэнка часта заяўляюць, быццам Польшча прэтэндуе на частку Беларусі і хоча захапіць яе. Але, мяркуючы па ўсім, пра захоп чужых тэрыторый мараць зусім не па той бок мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.