Лукашэнка распавёў, чаму так жорстка кантралюе замежную "гуманітарку"

За гуманітарнай дапамогай, якая трапляе ў Беларусь, павінен быць жорсткі кантроль. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 30 красавіка. Беларускі кіраўнік асцерагаецца, што гэтыя грошы могуць пайсці на так званую "дэструктыўную дзейнасць".
"Мы бачым актывізацыю нашых заходніх партнёраў — розных фондаў і асацыяцый па фінансаванні так званых гуманітарных праектаў. Маю пазіцыю вы ведаеце. Ні капейкі не павінна быць выдаткавана на дэструктыўную дзейнасць унутры краіны. Выкарыстанне бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы павінна быць пад самым жорсткім кантролем", — цытуе БЕЛТА яго словы.
Кіраўнік дзяржавы, як перадае Telegram-канал ATN_NEWS, заявіў, што беларуская апазіцыя вырасла на замежнай гуманітарнай дапамозе. "На гуманітарнай дапамозе ў свой час вырасла наша так званая апазіцыя, жыла нядрэнна, фактычна яе дзейнасць, антыдзяржаўная, асабліва ў той час, фінансавалася з-за мяжы па лініі гуманітарнай дапамогі. Я палічыў, што гэта няправільна, калі палітычную дзейнасць фінансуюць з-за мяжы спонсары па лініі гуманітарнай дапамогі, і ўсталяваў пэўны парадак", — заявіў Лукашэнка.
Дарэчы, сёлета Беларусь атрымала ўжо з-за мяжы каля 20 мільёнаў долараў бязвыплатнай дапамогі. Такую лічбу дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ігар Кудрэвіч, піша "СБ. Беларусь сегодня". За апошнія тры гады дапамога ў выглядзе грошай і тавараў склала 238 мільёнаў долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.