Літва назвала аднабаковым рашэнне ЗША па кампаніі "Белавія"

Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота

Самалёт "Белавія", ілюстрацыйнае фота / МЗС Беларусі

Рашэнне ЗША аслабіць санкцыі супраць кампаніі "Белавія" было аднабаковым і не паўплывае на абмежаванні, уведзеныя Еўрасаюзам. Пра гэта гаворыцца адказе МЗС Літвы, які атрымала выданне Delfi.

"Рашэнне аб зняцці санкцый з "Белавія" з'яўляецца аднабаковым рашэннем адміністрацыі ЗША. Генеральная ліцэнзія №11, выдадзеная Міністэрствам фінансаў ЗША, дазваляе ажыццяўляць аперацыі з“ Белавія", аднак актывы кампаніі застаюцца замарожанымі. Гэтае рашэнне ЗША не ўплывае на абмежавальныя меры, уведзеныя Еўрапейскім Саюзам у дачыненні да Беларусі, уключаючы "Белавія", гаворыцца ў каментары МЗС Літвы.

У ведамстве таксама паведамляюць, што суб'ектам ЕС больш не дазволена заключаць якія-небудзь здзелкі з кампаніяй "Белавія". Таксама захоўваюцца абмежаванні на тавары, звязаныя з беларускай авіяцыяй. Працягвае дзейнічаць і рашэнне пра закрыццё паветранай прасторы ЕС для беларускіх авіяперавозчыкаў, прынятае пасля вымушанай пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair у 2021 годзе.

У літоўскім замежнапалітычным ведамстве падкрэслілі, што не знікла ніводная з прычын, па якой ЕС пачаў уводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

"Ні адна з прычын, па якой ЕС пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі, не знікла — рэпрэсіі супраць насельніцтва, парушэнні правоў чалавека, фальсіфікацыя выбараў, інструменталізацыя міграцыі (чаму "Белавія" наўпрост спрыяла), а таксама дапамога Расіі, якая ажыццяўляе ваенную агрэсію супраць Украіны", — адзначаюць у МЗС Літвы.

Нядаўняе вызваленне 52 вязняў, сярод якіх было шасцёра грамадзян Літвы, у МЗС назвалі важным дасягненнем літоўскай дыпламатыі. "Аднак пазіцыя Літвы ў дачыненні да Беларусі як пагрозы бяспецы Літвы і ЕС застаецца нязменнай, таму Літва працягне актыўна дамагацца не толькі захавання дзейнага рэжыму санкцый у дачыненні да Беларусі, але і яго ўзмацнення", — падкрэсліваюць дыпламаты.

11 верасня ЗША заявілі, што здымаюць санкцыі з авіякампаніі "Белавія". Пасля гэтага Мінфін Штатаў выдаў Беларусі ліцэнзію на здзяйсненне здзелак з удзелам беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.