Літва будзе дамагацца вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў — кіраўнік МЗС

Святлана і Сяргей Ціханоўскія, Дзяніс Кучынскі на сустрэчы з Кястуцісам Будрысам

Святлана і Сяргей Ціханоўскія, Дзяніс Кучынскі на сустрэчы з Кястуцісам Будрысам / МЗС Літвы

Літва і надалей будзе прыкладаць максімальныя намаганні для вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Пра гэта міністр замежных спраў краіны Кястуціс Будрыс заявіў на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і яе мужам Сяргеем.

"Свабодная, дэмакратычная Беларусь, якая паважае правы чалавека, — ключавы інтарэс Літвы", — перадае словы Будрыса прэс-служба ведамства. Міністр запэўніў у нязменнасці падтрымкі беларускага народа ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю.

У сваю чаргу Святлана і Сяргей Ціханоўскія падзякавалі Літве за прынцыповую пазіцыю, салідарнасць і ролю ў забеспячэнні ціску на рэжым Лукашэнкі. Паводле іх, гэта адыграла важную ролю ў вызваленні 21 чэрвеня 14 зняволеных.

Разам з тым літоўскі міністр адзначыў, што да развязання праблемы яшчэ далёка. Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, за кратамі ў краіне застаюцца больш за 1170 палітвязняў, а рэальная колькасць можа быць яшчэ большай.

Таксама Будрыс заявіў, што Літва і надалей будзе забяспечваць абарону для беларускіх актывістаў і іх сем'яў, вымушаных пакінуць радзіму праз палітычны пераслед.

Літва заклікае да больш жорсткіх міжнародных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні і не пачнуцца рэальныя дэмакратычныя перамены. Таксама ў паведамленні МЗС Літвы падкрэсліваецца, што афіцыйны мінск павінен спыніць падтрымку расеійскай агрэсіі супраць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.