Лідары G7, ЕС і NATO правялі анлайн-нараду па сітуацыі ва Украіне
19 красавіка лідары G7, ЕС і NATO правялі анлайн-нараду па сітуацыі ва Украіне. Як паведамляе "Голас Амерыкі", абмяркоўвалася далейшая дапамога Кіеву, каб стрымаць расійскую агрэсію, і новыя санкцыі супраць Расіі. Сярод удзельнікаў нарады былі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль, генсек Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і іншыя.
Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", Вашынгтон разглядае наступ расійскіх войск на ўсходзе Украіны як "прэлюдыю" да больш маштабнай аперацыі. Было вырашана павялічыць аб'ём дапамогі Украіне і аказваць яшчэ большы ціск на РФ. Джонсан ужо заявіў, што Вялікабрытанія прадаставіць украінскай арміі артылерыйскія сістэмы. Больш артылерыі будуць пастаўляць Злучаныя Штаты. Цяжкую артылерыю Украіне абяцае Канада.