Летась у Беларусі ліквідавалі больш за 330 некамерцыйных арганізацый — Lawtrend
Суд, ілюстрацыйнае фота
За 2023 год у Беларусі ліквідавалі не менш за 336 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцый. Такая лічба называецца ў новай справаздачы праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
Агулам за час ад прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца 2023-га ў Беларусі ліквідавалі мінімум 1509 некамерцыйных арганізацый.
На канец снежня 2023-га не менш за 960 НКА былі ў працэсе прымусовай ліквідацыі. А яшчэ 549 арганізацый прынялі рашэнне пра самастойную ліквідацыю. Праваабаронцы падкрэсліваюць, што рашэнне пра самаліквідацыю прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на сяброў арганізацыі, неспрыяльнага прававога асяроддзя, агульнай грамадска-палітычнай сытуацыі ў краіне.
У справаздачы Lawtrend згадваецца, што масавая ліквідацыя істотна закранула аб’яднанні нацыянальных меншасцяў. З 11 зарэгістраваных у Беларусі нацыянальных, культурна-асветніцкіх некамерцыйных арганізацый палякаў на сённяшні дзень засталіся толькі дзве — ГА "Польская община" і праўладны "Саюз палякаў на Беларусі".
За 2021–2023 гады былі прымусова ліквідаваныя чатыры нацыянальныя аб'яднанні літоўцаў, яшчэ столькі ж самастойна вырашылі ліквідавацца. Ліквідаваныя таксама МГА армян "Урарту", Брэсцкае абласное габрэйскае аб’яднанне "Алія", Полацкі габрэйскі культурны цэнтр, "Габрэйская адукацыйная праграма", Беларускае таварыства немцаў "Нямецкі дом".