Леанід Заіка: Беларускае заканадаўства можа спыніць індыйскі бізнес
Эканаміст Леанід Заіка каментуе магчымае падпісанне Індыяй пагаднення аб узаемадзеянні з мытным саюзам Расіі, Казахстана і Беларусі.
Еўрарадыё: Што можа азначаць такое пагадненне для Беларусі?
Леанід Заіка: Ну па-першае, тут не столькі Беларусь з’яўляецца мэтай, колькі сама прастора. Вы ведаеце, што краіны BRICS, куды ўваходзяць і Індыя, і Расія, зараз спрабуюць сфармаваць найбольш дынамічную, найбольш перспектыўную групу ў сусветнай эканоміцы. Індыя са свайго боку дастаткова канкурэнтная Кітаю. Гэта стратэгічная ўстаноўка на тое, каб вось гэтая новая вялікая прастора была дасяжнай для Індыі.
Што гэта можа даць для Беларусі? Прынцыпова гэта не будзе звязана з нейкімі зменамі ў патоках экспарта-імпарта, бо яны ўжо склаліся. Скажам, для Беларусі важная расійская нафта, якую мы перапрацоўваем і прадаем. Але, з пункту гледжання перспектывы, цалкам магчымае узмаценне інтэграцыйных сувязяў і падвышэнне ступені прысутнасці Беларусі на індыйскім рынку. Зараз яно невялікае, практычна Індыя не трапляе нават у спіс краін, якія маюць вялікія абароты, набываюць беларускую прадукцыю ці прадаюць сваю ў Беларусь.
Еўрарадыё: А што мы можам прадаваць Індыі?
Леанід Заіка: У краіны такога тыпу, як і ў Бразілію, у першую чаргу, калійныя ўгнаенні. Тавары прамежкавай тэхналогіі, уключна з аўтамабілямі і трактарамі, бо сельская гаспадарка для Індыі – адзін з сур’ёзных момантаў. Нейкія групы спажывецкіх тавараў не пойдуць, але Беларусь у сваю чаргу можа закупаць вялікую колькасць швейных вырабаў, трыкатажу, тавараў хатняга спажывання.
Разумееце, калі ўсё гэта зрабіць вельмі граматна, то можна ўсталяваць някепскую сістэму, стварыць магутны кансорцыум па вытворчасці праграмнай прадукцыі. Бо індыйскія праграмісты, кампутаршчыкі вельмі хутка і добра ўвайшлі ў сусветную структуру ІТ-тэхналогій. Праграмныя прадукты індыйцы навучыліся пісаць лепш, чым рускія. І вось калі тут зрабіць харошыя сумесныя праекты, гэта таксама можа быць вельмі цікава.
Еўрарадыё: Але калі Індыя захоча супрацоўнічаць з мытным саюзам, разам з правамі ў яе з’явяцца і абавязкі. Яны будуць такімі ж як у Беларусі?
Леанід Заіка: Індыя з’яўляецца членам сусветнай гандлёвай арганізацыі, яна дастаткова лёгка ўваходзіць і выходзіць з розных рынкаў. Кошт працоўнай сілы там невысокі, з пункту гледжання працэдур, якія дазваляюць зрабіць сусветныя экспартныя аперацыі тут для індыйцаў не будзе вялікіх праблем. Іншая справа, што беларускае заканадаўства і дастаткова кандовы падыход да бізнэса могуць іх спыніць.
Кітайцы ж спыніліся, кітайцы доўга не разумелі, чаму беларускае кіраўніцтва не актывізуе бізнес. Таму і прысутнасць Кітая ў нас невялікая. Калі душыцца свой бізнес, калі няма разумення, што такое свабодны рынак, свабодная эканоміка – індыйцам таксама будзе тут нецікава.
Еўрарадыё: А мытнаму саюзу выгадней супрацоўнічаць з Індыяй ці з Кітаем?
Леанід Заіка: Па-першае, Індыя і Кітай – далёка не сябры. Па-другое, кожная з гэтых краін мае свае перавагі. Кітай больш дынамічны ў разгортванні сваёй прысутнасці на сусветным рынку, Кітай літаральна ў бліжэйшыя гады стане краінай нумар адзін па аб’ёме вытворчасці. Кітай – камуністычная краіна, як бы там ні было, краіна духоўна блізкая і Аляксандру Лукашэнку, і Міхаілу Мясніковічу, і яшчэ дзясятку людзей з мінулага, якія засталіся ў цяперашнім. Таму я думаю, хутчэй за ўсё Індыя будзе працаваць у большай ступені з Расіяй, можа крыху з Казахстанам. Нейкай асаблівай праграмнай, стратэгічнай асновы для працы з Беларуссю тут не будзе.