Латыпаў: ГУБАЗіК пагражаў прэсаваць сваякоў, калі не дам прызнальныя паказанні

Сталі вядомыя падрабязнасці трагедыі ў судзе над Сцяпанам Латыпавым.
Як паведамляе "Наша Ніва", у падсуднага была з сабой тэчка з дакументамі. Ён дастаў з яе нейкі прадмет — верагодна, асадку. Залез на лаўку, упёрся нагамі ў краты і ўваткнуў гэты прадмет сабе ў горла ці пачаў яго рэзаць. Потым паваліўся, стаў рэзаць рукі.
Перад гэтым ён сказаў бацьку: "Пасля спаткання з табой да мяне прыйшоў ГУБАЗіК, сказаў, што мне арганізуюць прэс-хату, а потым тое ж самае будзе з маімі суседзямі і сваякамі, калі я не дам прызнальныя паказанні".
Ён дадаў, што яму рабілі прэс-хату 51 дзень, а бацька будзе наступны.
Клетку адразу адкрыць не змаглі, бо ў канваіраў не было ключоў — яны былі ў кагосьці за дзвярыма. Пакуль яе адчынілі, Латыпаў страціў прытомнасць.
У суд прыехала хуткая. Паведамляюць, што Сцяпана будуць уводзіць у штучную кому.
Бацька паведаміў журналістам, што з 11 красавіка Сцяпана трымалі ў штрафным ізалятары разам з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.