"Крэмль хоча знайсці рашэнне шляхам перамоваў" — Шродэр пра сустрэчу з Пуціным
Герхард Шродэр і Уладзімір Пуцін, 2011 год / АР
Крэмль хацеў бы знайсці выйсце з ваеннага канфлікту з Украінай шляхам перамоваў, заявіў былы канцлер Германіі Герхард Шродэр у інтэрв'ю нямецкай газеце Stern. На мінулым тыдні Шродэр сустракаўся ў Маскве з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, з якім у яго добрыя стасункі.
Паводле словаў Шродэра, "добрая навіна заключаецца ў тым, што Крэмль хоча знайсці рашэнне шляхам перамоваў". Больш за тое, ён лічыць, што пагадненне пра вываз украінскага збожжа можа зрабіцца першым крокам на шляху да спынення агню.
А ў перспектыве, мяркуе экс-канцлер Германіі, можа быць вырашанае і пытанне Крыма. "Не на працягу 99 гадоў, як у Ганконгу, але, магчыма, ужо ў наступным пакаленні", — кажа Шродэр. Пры гэтым ён скептычна ставіцца да магчымасцяў Украіны вярнуць Крым ваенным шляхам.
Экс-канцлер ФРГ таксама назваў уварванне Расіі ва Украіну памылкай расійскага ўрада. На яго думку, для вырашэння канфлікту абодва бакі павінны былі пайсці на саступкі.