Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцоў трапіў пад санкцыі Украіны

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваным Данбасе / Калаж Еўрарадыё
Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БТЧК) і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Шаўцоў трапіў пад санкцыі Украіны. 10 чэрвеня ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні санкцый супраць 48 фізічных і 9 юрыдычных асоб.
Раней Шаўцоў ужо трапіў пад санкцыі Еўрасаюза і ЗША.
У 2023 годзе Шаўцоў з'ездзіў у акупаваны Расіяй Марыупаль, дзе з'явіўся ў адзенні з акупацыйнай Z-сімволікай. Таксама ён прызнаўся, што кіраваная ім арганізацыя ўдзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прасіла Беларускі Чырвоны крыж спыніць такую практыку, а Шаўцову прапанавалі на час расследавання пакінуць пасаду. Аднак у верасні таго ж года Шаўцоў зноў быў пераабраны генсакратаром БТЧК. Пасля таго, як беларуская арганізацыя не выканала ўмовы, яе сяброўства ў Міжнароднай федэрацыія таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпыненае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.