"Коммерсант": у "Беларуськалія" альтэрнатыўных варыянтаў транспарціроўкі няма
У "Беларуськалія" альтэрнатыўных варыянтаў транспарціроўкі цяпер няма, піша расійскае выданне "Коммерсант". З 1 лютага транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе спынены — Вільня адрэагавала на санкцыі ЗША, уведзеныя супраць беларускага прадпрыемства.
"Коммерсант" лічыць, што "пракладка маршрута праз Расію... выглядае немагчымай", паколькі ў партах РФ няма "такога аб'ёму свабодных магутнасцяў" (Беларусі трэба адправіць за мяжу 11 млн тон, Расія можа дапамагчы з адпраўкай максімум 2-3 млн тон). Да таго ж, расійскія кампаніі не хочуць патрапіць пад амерыканскія санкцыі. І гэтыя рызыкі "забіваюць" усе тэарэтычна магчымыя схемы — "ад набыцця "Беларуськалія" ці стварэння сумеснага трэйдэра з расійскай ці заходняй кампаніяй да перавалкі беларускага калія праз вугальныя тэрміналы".
Расійскае выданне піша са спасылкай на свае крыніцы, што беларускі бок нават не спрабаваў дамовіцца пра новыя схемы з асноўнымі расійскімі кампаніямі. Але нават калі дамовіцца і зможа даставіць калій у парты РФ, хто ж яго купіць?
Мяркуецца, што адсутнасць дзеянняў Мінска можна патлумачыць яго цвёрдай упэўненасцю, што ўжо ў бліжэйшы час Захад адмовіцца ад "блакады беларускага экспарту". І прычынай гэтаму можа стаць падаражэнне калія (магчыма, нават удвая). Праўда, дадатковыя магутнасці па пастаўках калія на сусветны рынак можа ўключыць Канада і аператыўна кампенсаваць адсутнасць прыблізна паловы экспарту з РБ.
У СМІ выказваецца і версія, што ўлады Беларусі спадзяюцца на пастаўкі калійных угнаенняў праз Украіну. Але з улікам цяперашняй сітуацыі, калі расійскія вайскоўцы з'явіліся каля беларуска-украінскай мяжы, праект выглядае фантастычным.
31 студзеня Аляксандр Лукашэнка згадаў пошук "іншых шляхоў па пастаўках нашых хімічных, калійных угнаенняў, абыходзячы, дапусцім, традыцыйныя парты". Пакуль невядома, што ён меў на ўвазе.