Кіроўца ў Драгічынскім раёне збіў пешахода і закапаў яго цела

У Драгічынскім раёне Брэстчыны зранку 25 кастрычніка ў меліярацыйнай канаве знайшлі труп мужчыны. Як паведамляе сайт ДАІ Брэста, цела было прысыпанае зямлёй. На месцы здарэння праваахоўнікі знайшлі сляды ДТЗ: аскепак шкла ад фары, рэшткі лабавой шыбы ды інш. Таксама было выяўлена, што на мужчыну адбыўся наезд.
Праваахоўнікі выявілі, што 23 кастрычніка каля 22-й гадзіны 24-гадовы жыхар Драгічынскага раёна на аўтамабілі "Фіят Тэмпра" ехаў з вёскі Татарновічы ў вёску Асіповічы. Не даехаўшы каля 700 метраў да Асіповічаў, ён збіў 59-гадовага пешахода, які рухаўся па правым краі праезнай часткі дарогі. Мужчына таксама ішоў у бок вёскі Асіповічы. Пры гэтым пешаход загінуў на месцы здарэння.
Кіроўца закапаў цела збітага мужчыны за 30 метраў ад дарогі і ўцёк з месца ДТЗ.
Цяпер на яго пачалі крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Кіроўцу ўзялі пад варту і ўтрымліваюць у ІЧУ Кобрынскага РАУС.