Кіроўца на фуры падчас праверкі грузу ўцёк з Расіі ў Беларусь

Кіроўца на фуры падчас праверкі грузу ўцёк з Расіі ў Беларусь. Здарэнне адбылося 15 красавіка ў Пскоўскай вобласці. З тэрыторыі Беларусі ў фітасанітарны кантрольны пункт вёскі Лабок Невельскага раёна прыехала фура з 19,45 тоны яблык. Расіяне заўважылі, што на грузе адсутнічала маркіроўка. Да таго ж, яны высветлілі, што адзнака на дакуменце аб праходжанні ў гэтым жа пункце фітасанітарнага кантролю была падробленая.
Як інфармуе РІА "Новости" са спасылкай на Рассельгаснагляд па Цвярской і Пскоўскай абласцях, кіроўца, пабачыўшы, што ў яго будуць праблемы, "развярнуў фуру і самавольна, не чакаючы рашэння аб далейшым перамяшчэнні партыі грузу, з'ехаў у Беларусь, пакінуўшы на кантрольным пункце усе дакументы на машыну". Як можна меркаваць, расіяне перададуць матэрыялы пра здарэнне беларускім калегам.
Як вядома, Расія ў жніўні 2014 года ўвяла антысанкцыі ў дачыненні краін ЕС, быў абмежаваны імпарт прадуктаў. Пад забарону патрапілі гародніна, садавіна, мяса, каўбасы, рыба, малочная прадукцыя. Тым не менш, адпаведнымі расійскімі службамі фіксуюцца шматлікія спробы правозу гэтых тавараў па падробленых дакументах.