Кіраўнікі МЗС краін G20 адмовіліся фатаграфавацца з Сяргеем Лаўровым
Кіраўнікі МЗС краін G20 адмовіліся фатаграфавацца з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, паведамляе японскае агенцтва Kyodo. Сустрэча прайшла на Балі ў Інданэзіі. Традыцыйна рабіўся групавы здымак, але на гэты раз міністры ўхіліліся ад яго, каб не трапіць у кадр разам з Лаўровым.
Міністр замежных спраў Інданэзіі Рэтна Марсудзі распавяла, што 7 ліпеня прадстаўнікі краін G7 адмовіліся ўдзельнічаць у вітальнай вячэры з-за прысутнасці на ёй расійскага міністра. Афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Сяргей Лаўроў "адсутнасці байкатуючых не заўважыў", піша "Медуза".
Па даных Reuters, калі Лаўроў рабіў сумеснае фота на Балі з міністрам замежных спраў Інданэзіі, у зале былі чутны крыкі "Чаму вы не спыніце вайну?", "Калі вы спыніце вайну?".
У выніку расійскі міністр пакіне саміт датэрмінова.